вершы Венанцы Бутрым літ альм Святліца 1997

  • Четверг, Июль 31 2008
  • размер шрифта уменьшить размер шрифта увеличить размер шрифта

Венанцы Бутрым  

 

Вершы з літаратурнага альманаха г. Баранавічы "Святліца", 1997г. 

 

Варта 

Аляксею Беламу 

Ўсё лятуць і лятуць тыя коні, 

Срэбнай збруяй далёка грымяць... 

М. Багдановіч "Пагоня" 

 

Праз пустэчы, хмызы, абыходзячы яр, 

зноў высільваем коней здарожаных. 

З набрынялых пакутлівым зарывам хмар – 

вараннё пасланцом устрывожаным: 

 

гэты раз – не паспець, зняўся злодзей-крымчак, 

зашпурнуўшы на стрэхі паходні. 

Над пажарышчам чорным скрываўлены знак – 

маладзік, як паўмесяц усходні!.. 

 

Не паспець!.. Бо ідзем ад заходняй мяжы – 

ў Нёмне коней паілі надоечы. 

Зноў нахабны крыжак на святым – на крыжы! – 

распінае зямлю нашу, кроячы! 

 

Як даўно ступаком не краналі раллі, 

адно зброю сціскаем упарта. 

Нам прытулак адно пры начлежным агні, 

наша доля – ЗАЎСЁДНАЯ ВАРТА! 

 

І сумуе сяліба, чакае сям’я. 

Груша-дзічка маркоціцца голлем. 

Ды ў бясконцым чаканні, аднак, спакваля 

забываюць здабытчыкаў волі. 

 

...Над аўчынамі пушчаў, над срэбрам вады, 

нерухомай у месячным ззянні, 

ад пагоні ў пагоню ляцяць праз гады – 

з плоці плоць, векавечныя здані... 

 

І не сціснуцца сэрцы – не пройме адчай. 

І не стомяцца верныя коні. 

Бо за імі, прад імі – бацькоўскі наш край... 

І супынку няма для ПАГОНІ! 

 

 

 

          *** 

Дужы вечар ночы чакае – 

Песні-явы, сноў чыстых. 

Прыпыніўся, маўчыць прамяністы. 

І усмешка па твары блукае... 

 

Дзікі голуб – тонкі пярсцёнак – 

знік у кроне ліловай акацыі. 

І пара першай зорцы займацца  

там, на небе, на небе зялёным... 

 

То яна: цёплы подых і крокі!.. 

Водсвет захаду комін пакінуў, 

цені ніцма на сцежку, на гліну... 

 

Яркі след! – дробны ”МІГ”, адзінокі, 

забірае вышэй і вышэй... 

Кропляй, кропкай... знікае з вачэй... 

 

 

               *** 

Флёксаў купіны тлеюць. А змрок 

акрыяў, загусцеў, ападае. 

Да акорда акорд – і вянок, 

што не вяне і цвет не губляе. 

 

І цямней, і цямней. І пара 

на дабранач сказаць тыя словы, 

каб спакойна заснула трава, 

і дзіванны схілілі галовы. 

 

Нібы голас дзяцінства – ледзь чутны, 

нібы пах несабранага мёду! 

І зліліся харалам магутным 

дні: калыскі, жніва, адыходу. 

 

Прыдзе час – усё патоне ў начы. 

Данясці. Не згубіць. Зберагчы! 

 

 

               *** 

                                         М.М.Ш. 

Лямеш, што каменем затоеным сарвала, 

ужо зрудзеў – заложныя дажджы. 

Тут новы ладзілі: дубца асмалак, 

бляшанка чорная; і не злічыць сляды 

 

грувасткіх ботаў. Засмужыла далёкі бор, 

і нібы зганьбіла – раскоўзала дарогу. 

Ды не ліняе каралеўскі твой убор: 

каралямі рабін, шыпшыны, глогу 

 

сям-там красуеш. (Яркі клёну ліст 

нацешыў вока, склаў падзяку лету 

і лёг, дрымотны, у сонную траву.) 

 

Мой лістапад, мо іншы пейзажыст 

дабавіць колераў твайму партрэту, 

я упрыгожваць – не магу. 

 

 

НА ЧУЖЫНЕ

 

                  Як Базыль ў паходзе канаў, 

                 ўсё старонку сваю спамінаў... 

                 М.Багдановіч  

 

У бухту на захадзе сонца 

белыя яхты зайшлі. 

– Ці не бачылі вы зямлі, 

па якой я сумую бясконца? 

 

Тут апошні прытулак мой. 

Вам – толькі ад шторму ўкрыцца. 

Вам – пашэнціць. А мне – мо прысніцца 

куст каліны над ціхай вадой?.. 

 

Ля гары, што завуць Аю-Даг, 

тлеюць косці паўночных бадзяг... 

 

За якія ж, мой Божа, грахі? 

Што ў серцы збалелым нясуць 

гневу полымя, горычы ртуць, 

ціхі сум саламянай страхі?.. 

 

 

 

         *** 

Нявольнікі сваёй душы, 

дзеля чаго аберагаем 

знікомы бляск жывой зары 

над непахісным небакраем?!. 

...Радзіма, дзіўны водар траў 

над Шчарай, у чмяліным гудзе!.. 

І кветак іншых – не прызнаў, 

І спеў – заўжды адзіным будзе: 

тут, толькі тут, дзе вольхаў рад 

над нетаропкаю вадою, 

і май надзей, і лістапад – 

над пасівелай галавою. 

Былых ахвяр няхай граніт, 

паліраваны аж да ззяння, 

бярэ на скронь халодных пліт 

ўжо толькі яснае світанне, 

не напалоханы нічым 

сарочы крык кустоўе будзіць. 

І так, з няведамых прычын, 

падзякай напаўняе грудзі... 

 

 

              *** 

Праменняў сонечных апошні клін 

лязом алмазным голле рэжа. 

І ўжо не сумная сцяна ялін – 

тутэйшы арабеск, дзівосная мярэжа... 

Ля лесу коні; ногі ў малацэ – 

туман пайшоў, цішком паўзе імшарай. 

Як трапяткое птушаня ў руцэ, 

дзень ціхенька сканаў, цямнее тварам... 

Ды весела у роздуме сачыць, 

як разгараецца смалісты бок карча, 

і дым, што сон, снуецца па агні. 

А поплеч, вогнішча вакол, сядзіць 

маіх мужыцкіх продкаў грамада. 

І зорак грамада – ў вышыні... 

 

 

             *** 

                                      М.М.Ш. 

Глянь: па бульбянішчы – скрозь матчыны сляды. 

Як злепкі тых, што час даслаў з Пампеяў, 

адбіўшы прагна на гарачым глеі, 

каб засталіся явай назаўжды. 

 

Як ломіць у крыжы! Да самых хмар 

няўступліва шнуруецца палоса. 

Самотнай птушкі крык ці песні адгалосак... 

І сонца стомлены ў паўнеба твар. 

 

А колькі трэба сіл, каб боль перамагчы, 

зло чэрствасці людской? Ці дачакаць вясны?.. 

 

Не дачакала... З сёстрамі пайшла 

спяшаць з дакопкамі на тым нябачным полі. 

Няслі свае сцягі: работу дацямна, 

прышчэрблены капач і серп, крывы ад болю. 

 

 

                    *** 

                      Без весткі прапаўшаму 

...Чыстаю вохрай, глуха-чырвонай, 

ціха сплывае з медзі ствала 

на мох збуялы, на звонка-зялёны, 

ды ўжо счарнелы тут, ля камля. 

 

Захад крывавіць... Ірве назаўсёды 

дня залатую, жывую шчэ ніць. 

О недарэчнасць – успомніць з нагоды 

аб тым, што мёртвым ужо не баліць!.. 

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .  

...Кропляў пякучых бег безупынны. 

Бой аціхае... Ці трачу я слых?.. 

Зноў прыбывае сумнай ажыны, 

сунічак сумных... дзеля жывых... 

{socbuttons}
Прочитано 837 раз
Оцените материал
(0 голосов)
Опубликовано в Венанцы Бутрым
Другие материалы в этой категории: « вершы Венанцы Бутрым літ альм Святліца 2000

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить

 

Апошния матэрыялы