Апавяданне Карабель Алесь Люльчаў

  • Вторник, Авг 19 2008
  • размер шрифта уменьшить размер шрифта увеличить размер шрифта

Алесь Люльчаў 

 

Карабель 

 

Ён ляжаў пасярод густых джунгляў. Корпус месцамі быў пашкоджаны трапічным дажджом і моцным ветрам, пакрыты раслінамі, імхом і здаваўся амаль зялёным. Гэты карабель знайшлі толькі нядаўна і чамусьці назвалі “Першы”, мабыць думалі што паблізу ёсьць і іншыя, але аблазіўшы дзясяткі кіламетраў джунгяў зразумелі, што ён адзін. Чаму яго раней не заўважылі? Адказ досыць просты – месцы гэтыя ніколі не насялялі людзі, ды і большая частка касмічнага карабля знаходзілася пад зямлёй (пасадка наўрадці была мяккай). 

Карабель быў агромністы і не адзін дзесятак навучэнцаў пасьпеў прагуляцца па нетрах гіганта і правесьці не адну сотню эксперыментаў перш чым было заўважына, што адбываецца нешта дзіўнае.  

Нутраныя калідоры і пакоі будавалі дакладна не людзі, бо каму ж прыйшло б у галаву рабіць адныя пакоі настолькі маленькімі, што там можна было толькі прапаўзьці, а другія настолькі вялікімі, што некалькі хвілінаў прыходзілася ісьці ад адной сьцяны да другой. Форма пакояў была вельмі розная, адныя былі квадратныя, другія авальныя, трэцьція мелі форму дзіўных шматкутнікаў. Матэр’ял з якога былі зробленыя сьцены і падлога ў адных памяшканьнях быў вельмі мяккі, а ў другіх настолькі цьвёрды, што нават узяць яго для вывучэньня не было магчымасьці. Больш за ўсё першых людзей, аглядаўшых гэты карабель, зьдзівіла адсутнасьць у пакоях якіх-кольвек рэчаў. Іх не было. То бок не было абсалютна нічога, пакоі былі пустыя і высьветліць прызначэньне таго ці іншага пакоя было немагчыма.  

Ніякай аўтаматыкі і робатаў, увогуле ніякіх прыстасаваньняў, але тым не меньш карабель нейкім чынам уплываў на людзей. Уся справа была ў пакоях. Кожны з іх быў асаблівы, нават пры вонкавым падабенстве. І кожны нібы ажываў, калі ў яго заходзілі. Гэта заўважылі навукоўцы з трэцьцяй экспедыцыі. 

З таго часу карабель прачэсвалі мэтанакіравана, памяшканьне за памяшканьнем і ўсе зьмены занатоўвалі. 

…………………………………… 

– Эх, трэцьція суткі сядзім у гэтэй вязьніцы і не можам выбрацца на паверхню дыхнуць сьвежым паветрам. Гэта сядзеньне мяне ўжо задзяўбала, – інспектар пятай ступені допуску выціраў з ілба пот насоўкай, якая даўно ўжо пераўтварылася ў анучу нявызначанага колера. 

– Калі ты думаеш, што мне прыемна завісаць на такі доўгі тэрмін у такім маленькім пакоі ты памыляешся. Але праца, ёсьць праца – мы павінны высьветліць, які ўплыў гэтага пакоя, – хімік выглядаў больш спакойным і час ад часу паглядаючы на паказаньні прыбораў адхлёбваў з невялікай бутэлечцы мініралку. 

– Да можа ён ніяк не ўплывае, а мы сядзім і думаем, – інспектар пачаў злавацца, – сядзім у адным пакоі дарма, калі яшчэ недаследаванных сотні і сотні. Няўжо нельга прапусьціць адзін, а пасля вярнуцца зноў? 

– Сам падумай, а раптам мы прапусьцім нешта важнае, а пасля нас нейкі дылетант заўважыць гэта? Нам не даруюць нашчадкі! – хімік заўсьміхаўся і яшчэ раз зірнуў на манітор маленькага перанаснога кампутара, ад якога ў розныя бакі цягнулі свае рукі-драты датчыкі, авіваючы пакой. 

– Ды пайшоў ты! 

– Ціха, нейкі рух, нешта адбываецца! 

Хімік уважліва адсочваў кожнае невялікае адхіленьне графікаў ад нормы, моцна сьціскаючы ў руках ноўтбук. Ягоны твар стаў напружанным. Інспектар таксама стаў больш пільна ўзірацца ў сьцены памяшканьня, выцягнуўшы з-за пояса пісталет(як загадвала інструкцыя). 

– Ну, што там? – інспектар нават перастаў выціраць твар і пот ручаінкамі сьцякаў за каўнер ягонай шэрай ад пылу кашулі, – дык, што там такое? 

– Не ведаю…Трэба пачакаць… 

Гук – ціхі амаль нячутны піск стаў грамчэй і на адно імгненьне быццам запаліўся агеньчык недзе ўверсе, пад стольлю, а інспектар упаў на падлогу, трымаючыся за галаву. Ён ссінеў і зьнерухомеў, толькі хрыпеў. 

– Ратуй мяне Хімік…мне цяжка дыхаць…я задыхаюся…мая галава….аааа. 

Хімік кінуў свой наўтбук і схапіўшы інспектара за рукі пацягнуў да выйсця з памяшканьня. 

Паветра стала больш вільготным і пругкім, яно не давала рухацца хутка. Нібы гэта зусім і не паветра, а вада. У Хіміка з вачэй паліліся сьлёзы, а з пракушаных вуснаў крывя. 

Яны ляжалі на калідоры і не маглі паварушыцца – інспектар ад болю, а Хімік ад стомы, якая літаральна паралізавала ягоныя мышцы. 

– Як ты, як твая галава? 

– Хрэнова, але там было яшчэ горш. Такога яшчэ ніколі з намі не было. Трэба паведаміць на базу, папярэдзіць людзей, хто-небудзь з нашых можа набрысьці на падобны па канфігурацыі пакой. 

– Інспектар, паглядзі на сваю скуру, табе не здаецца што яна стала нейкага зеленаватага колеру. 

– І сапраўды, яна ўсё больш і больш зелянее. Трэба хутчэй бегчы ў “ачысьцілку”. Зьмены могуць быць вельмі хуткімі. 

Праз некалькі хвілінаў яны ўжо сядзелі ў невялікім белым пакоі, які нагадваў няправільную піраміду вельмі неахайна выдзяўбленую знутры. Толькі тут яны змаглі раслабіцца. 

– Да, што б мы рабілі без “ачысцілкі”. Не памятаеш, хто першы знайшоў пакой, які сьцірае ўсё ўздзеяньне іншых пакояў? Хачу праставіць гэтаму першапраходцу добрую скрыню піва, – скура інспектара зноў набыла першапачатковы колер, а сам ён стаў значна весялейшы. 

– Не памятаю. На базе можна спытаць. Пара вяртацца, на сёньня з нас прыгодаў хопіць, тым больш што я пакінуў у тым пакойчыку ўсю сваю апаратуру. 

– Згода, я не прымаў душ дзён пяць, і дзён пяць не бачыў сонца. 

 

 

База 

 

База гэта самы першы комплекс будынкаў, які стварылі ў гэтым раёне непралазных джунгляў людзі за апошнія некалькі тысяч год, а можа нават тут ніколі і не было ніякіх іншых будынкаў. Уж занадта быў паганы тут клімат. Ваенныя разьвярнулі сапраўдны бастыён, які акаляў з усіх бакоў шчыльны калючы дрот і кулямётныя дзоты. З дахаў будынкаў базы навакольле аглядалі снайперы, а ў ангарах нават стаяла некалькі танкаў і пару баявых верталётаў. Спачатку ўсе думалі - з дня на дзень адбудзецца кантакт і хоць адразу было бачна, па караблі, пажадай прышэльцы напасьці, танкам іх не спыніць. Але праходзілі дні і нічога не адбывалася. На пяты дзень, на карабель пайшла першая экспедыцыя, якая і прынесла інфармацыю пра тое, што карабель пусты, нікога на ім няма і стаіць ён тут даўно, вельмі даўно. 

………………………………………………… 

– Вось так вось. Ледзь мы ногі адтуль вынеслі, а паглядзелі б вы на твар Інспектара. Весь ссінеў, я ўжо нават падумаў, што не жылец ён на гэтым сьвеце, – Хімік піў з пляшкі прахладнае піва, разваліўшыся ва ўтульным фатэлі. 

– Мяне такімі фокусамі не зьдзівіш, не першы месяц лазім па гэтых лабірынтах. Хаця не адмаўляю, сапраўды спужаўся, ды і хто б на маім месцы не спужаўся. Кажуць з чацьвёртай экспедыцыі прыблізна вось так загінуў адзін прафесар – зайшоў у пакой стаў рабіць замеры радыяцыі і бац, плюхнуўся на падлогу, сэрца не вытрымала кажуць. Але я ўпэўнены, што гэта было ўздзеяньне. 

За сталом усе замаўчалі. Хоць і блукалі тыднямі па пакоях карабля, хоць і быў усяго адзін няшчасны выпадак за гэты час ды й той са старым прафесарам – гэта ўсё яшчэ быў таямнічны карабель. Хто ведае якіх сюрпрызаў ад яго можна чакаць. 

Першым парушыў маўчаньне кіраўнік групы 27. Распаліўшы цыгарэту ён пачаў ўзгадваць вясёлыя выпадкі, якія нягледзячы на ўсю аднаабразнасьць працы час ад часу адбываліся з ім і ягонымі падначаленымі. 

– І вось заходзім мы ў пакой і спачатку нічога не адчуваем, але праз некалькі хвілінаў пачынаем усьміхацца, пасля мы проста сьмяемся, а пад канец катаемся па падлозе і не можам нават размаўляць. А паветра набрыняла блакітным колерам, сьцены таксама зьмянілі свой колер. І раптоўна ўсё сконьчылася. Прыйшлося тры разы правяраць уздзеяньне гэтага пакоя, перыяды па тры хвіліны праз паўгадзіны. Усе датчыкі прытым маўчалі. Мы назвалі гэты пакой, пакой сьмеха. 

– Гэта што, – пачаў інспектар групы 11, – я, пасля таго як зашчаміўся ў адзін малюсенькі пакойчык, паліць цыгарэты кінуў. Не цягнула і ўсё тут. Праўда, калі ў “ачысьцілку” заходзіш, жаданьне зацягнуцца дымам зноў вяртаецца, тады я, опа, зноў забягаю ў той пакойчык здароў’я.  

– Слухай, пакажы калі ласка на мапе гэты пакойчык, я таксама падумаў, што пара кідаць паліць, бо іншапланецяне мяне не зразумеюць, яны стоадсоткава вядуць здаровы лад жыцьця. Што сьмяецеся, балбесы, зямляне таксама маглі б ужо будаваць такія караблі калі б не пілі і не смалілі. 

У дзьверы прасунулася галава кіраўніка місіі і сьмех сьцішыўся, усе ўзьняліся са сваіх месцаў. 

– Што, усё адпачываеце? А выведчыкі сёньня адкрылі новы ярус у заходнім крыле карабля. Чыё дзяжурства сёньня, хто пойдзе дасьледваць ярус? 

Інспектар і Хімік зрабілі крок наперад. 

– Што стаіце, наперад, усё чалавецтва чакае вынікаў дзевятай экспедыцыі, а вы тут разваліліся ў фатэлях у працоўны час і гарэлку бухаеце. 

Кіраўнік экспедыцыі выглядаў незадаволеным і зьнерваваным, выходзілі апошнія тэрміны місіі, а пастаўленыя задачы ўсё яшчэ не былі выкананы. А тут яшчэ з міністэрства ціснуць, дзе вынікі, якія прагнозы. Якія могуць быць прагнозы, калі мы нават не ведаем, што гэта за карабель такі і як ён працуе. Тыкаемся як сьляпыя па калідорак касьмічнага вандроўніка і эмпірычным метадам(то бок на сабе) правяраем які эфект аказвае прысутнасьць на карабле людзей. Кіраўнік выплюнуў запалку, якой калупаўся ў зубах, на падлогу і раздаўшы яшчэ пару паручэньняў пайшоў на трэцьці паверх, у свой кабінет. Трэба ж напісаць гэтым казлам з міністэрства адказ. 

 

 

Шлях да зораў?! 

 

Інспектар заходзіў у пакой першы. Згодна з інструкцыяй аглядваў яго, запісваў некаторыя фізічныя параметры і перадаваў эстафету хіміку. Той разварочваў ноўтбук, падключаў датчыкі і яны ўжо разам пачыналі чакаць якога-кольвек эфекту. Часам пакой доўга не марудзячы выдаваў ім порцыю эмоцый, адчуваньняў, зьмяняў атмасферу, а часамі прыходзілася чакаць вельмі доўга і ўрэшце-рэшт амаль нічога не адбывалася. Толькі маленькая стрэлка датчыка падскаквала на міліметар і зноў вярталася на сваё месца. Піянерам-дасьледчыкам перашкаджала жахлівая жара і духата, немагчымасьць не на хвіліну раслабіцца і прылегчы. Увесь час прыходзілася чакаць сюрпрызаў. 

Інспектар першы заўважыў, што памяшканьне пачало даваць эфект, павярнуўся да хіміка і папярэджваючы, ўзняў руку. Але хімік не зрэагаваў. Ён сядзеў, утаропіўшыся нівідушчымі вачыма ў манітор. 

– Гэй, хімік?! Што з табой? Ты мяне чуеш? Адкажы мне! 

Інспектар падляцеў да нерухомага сябра і паспрабаваў выцягнуць таго з пакоя, але дарэмна, ён стаў нібы каменным. Немагчыма было нават на міліметар зьдзьвінуць з месца гэты камень. 

– База, база, у нас праблемы, выклікаем дапамогу! 

Дарэмна Інспектар выклікаў базу, рацыя перастала функцыянаваць і маўчала. Інспектар у роспачы адкінуў яе ў бок і толькі цяпер заўважыў, што не можа зьдзьвінуцца з месца, ногі нібы прыраслі да падлогі…. 

Расплюшчыўшы вочы ён зразумеў што ўжо сядзіць на зямлі, але дзіўным чынам не хвалюецца, увогуле некуды падзяваліся ўсе думкі. Яны нібыта застылі разам з ягоным целам. Стала неверагодна спакойна і вельмі добра.  

Так ён сядзеў і проста дыхаў. Ён адчуваў толькі сваё дыханьне. Не, гэта было ўжо не яго дыханьне, гэта было дыханьне сусьвету. Удых, выдых…Удых, выдых….Гэта дыхаў сусьвет. Дыхалі зоры, далёкія галактыкі, планеты якія даўно перасталі існаваць і тыя што яшчэ не зьявіліся. Удых, выдых…. 

 

Чырвоная планета 

 

Інспектар нахіліўся над хімікам які паступова таксама прыходзіў у сябе. Яны сядзелі каля карабля, які цяпер не стаяў укапаны амаль цалкам у зямлю, а ўзвышаўся на некалькі соцень метраў над зямлёю. Вакол быў лес, над галавою зоры. Але гэта не была планета Зямля. Бо на планеце Зямля, толькі адзін месяц, а тут іх было два. Расліны і ўсё навокал на гэтай планеце было незвычайнага чырвонага колеру. 

– Колькі мы прабылі там? 

– Я не ведаю… 

– Ты таксама адчуваў гэта? 

– Што? 

– Я не ведаю як перадаць словамі. Абсалютную еднасьць з усім што ёсьць і што будзе. 

– Так, мне здаецца я зразумеў чаму так лёгка ляцець аблокам па небе і бяжаць вадзе ў рацэ… 

– Як мяркуеш, дзе мы? 

– Не ведаю, але гэта здаецца не наша родная планета. 

– Так, я ўжо заўважыў, - Інспектар аглядзеў краявід і прыхіліўся да расліны, якая толькі часткова нагадвала пальму, - я думаю гэта была рубка кіраваньня караблём. 

– Хочаш сказаць што мы зьдзейснілі, самі таго не разумеючы зорнае падарожжа? 

– Прынамсі іншага тлумачэньня ў мяне няма. Дый ці так гэта важна. Увогуле пасля таго як я пабыў у гэтым апошнім пакоі я шмат чаго зразумеў.  

– Хм, я здаецца таксама. Месца і сапраўды не мае цяпер значэньня. Давай проста паглядзім на зоры. 

Яны заўсьміхаліся адзін-аднаму і селі на зямлю гэтай незвычайнай планеты. Яны проста сядзелі і глядзелі на неба на дзіўныя дрэвы, на зоры з лёккай чырваньню.  

Як жа спакойна, як жа ясна цяпер усё стала. Як жа ўсё проста. Проста быць тут і цяпер. Проста дыхаць разам з сусьветам. 

З невялікага дзікага лесу асьцярожна выходзілі жывыя істоты. Напужаныя нечакана ўзьнікнуўшым неведама адкуль караблём прышэльцаў, яны прыйшлі ў сябе і асмялелі, сталі падбірацца бліжэй, каб паразглядаць такое дзіва зблізу. Па тым што істоты былі хоць і разумныя, але брудныя і толькі з камянямі ў руках, адразу станавілася зразумела, што ўзровень разьвіцьця цывілізацыі невысокі. Але інспектара і хіміка гэта ўсё не цікавіла. Яны сядзелі нерухома на пагорку і проста дыхалі, дыхалі разам з гэтым лесам, разам з гэтымі людзьмі, разам з гэтай планетай разам з гэтым сусьветам…Удых, выдых….  

{socbuttons}
Прочитано 1001 раз
Оцените материал
(0 голосов)
Опубликовано в Aлесь Люльчаў

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить

 

Апошния матэрыялы