pesnjaПра беларускую песенную творчасць у г. Баранавічы і яго раёне. 

 

Беларуская песенная творчасць у г. Баранавічы і яго раёне мае некалькі кірункаў:  

1. Эстрадная песня.  

2. Песня, стылізаваная пад народную. 

3. Бардаўская песня.  

4. Сучасныя маладзёжныя накірункі – рок, рэп, хіп-хоп і ншыя.  

4. Песні для дзяцей (напісаныя звычайна ў эстрадным стылі).  

 

Самым яскравым і паспяховым прадстаўніком эстраднай песеннай творчасці ў Баранавічах з'яўляецца гурт «Явар». Песні, напісаныя яго кіраўніком Фёдарам Жыляком, спяваюць нават вядомыя беларускія выканаўцы. На жаль, вялізная занятасць Фёдара Жыляка пакуль не дазволіла яму даць матэрыял для нашага сайта, але спадзяемся, што гэта адбудзецца і беларускія песні гурта пачуюць наведвальнікі нашага сайта.  

У эстрадным стылі працуюць прафесійныя музыкі Уладзімір Грушэўскі, Міхась Брушкоў, Іван Абрамовіч і самадзейны аўтар Аляксандр Дрозд. Так у свой час былі пакладзены на музыку вершы Генадзя Гапановіча, Анатоля Станкевіча, Людмілы Шувалавай.  

Што да песні, стылізаванай пад народную альбо фальклор, то ў Баранавічах ёсць такая ўнікальная з’ява, як народны гурт вандроўных музыкаў “Фэст”. Галоўнае месца ў творчасці гурта займаюць песні, напісаныя яго ўдзельнікам Міхасём Скрундзем.  

Яго песні і па мелодыцы і па змесце напісаны ў народным стылі і выконваюцца гуртом “Фэст” пад акампанемент народных інструментаў: цымбалаў, скрыпкі, гармоніка, басэтлі і іншых.  

У народным стылі працавалі і вышэй згаданыя кампазітары-эстраднікі. 

Бардаўскімі называюць песні, напісаныя самадзейнымі аўтарамі. Выконваюцца яны пад акампанемент акустычнай гітары. Але галоўнай прыкметай бардаўскай песні з’яўляецца свой дыяпазон рытмаў, патрапіць у які даволі няпроста. Адхілішся ад яго – і атрымаецца песня ці эстрадная, ці нэа-народная, ці рокавая. Па настроі і тэкстах бардаўскія песні – гэта песні-разважанні, песні-гісторыі, песні-размовы лірычнага, любоўнага, турысцкага, філасофскага ці жартоўнага зместу. Сапраўднай бардаўскай песні ўласціва высокая паэзія тэкстаў, пранізлівая шчырасць і праўдзівасць. 

Часам барды запісваюць фанаграму музыкі да сваіх песень з дапамогаю электрамузычнай і камп’ютэрнай тэхнікі. Радзей ствараюць для выканання сваіх песень “жывыя” інструментальныя ансамблі.  

Беларускамоўная бардаўская песня ў Баранавічах – вялікая рэдкасць. Некалькі рускамоўных бардаў з Баранавіч выпадкова і эпізадычна выкарыстоўваюць беларускія вершы. Напрыклад, Ігар Іваноў у 90-я гады паклаў на музыку словы Генадзя Гапановіча і Міколы Бусько. У 2003 годзе ён напісаў музыку на два вершы Венанцыя Бутрыма, у 2006 годзе на верш Раісы Раманчук. У 2003 годзе музыку на верш Венанцыя Бутрыма напісаў і Юрый Чыстапольскі. З цяжкасцю можна прыгадаць яшчэ некалькі бардаў, якія не цураюцца беларускага слова. 

Часам мясцовыя паэты спрабуюць самі “агучваць” свае вершы, але з гэтых памкненняў удалая бардаўская ці хаця б эстрадная песня нараджаецца вельмі рэдка. Спрабавалі гэта і Аляксей Белы, і Алесь Бакач, і Браніслава Лапкоўская.  

Як кажуць, гады ў рады прамільгваюць з адной-дзвюма беларускімі аўтарскімі песнямі старшакласнікі і студэнты… 

А ў гэты час рускамоўная бардаўская песня ў Баранавічах квітнее. У 2008г. клуб аўтарскай песні “Ваганты”, які дзейнічае пры Гарадскім доме культуры і выступае з канцэртамі, атрымаў званне “народнага”. 

Ёсць у Баранавічах і яшчэ адзін выдатны самадзейны аўтар беларускіх песень – Галіна Ярашэвіч. Яна паклала на музыку шэраг вершаў Ларысы Геніюш, Яўгеніі Янішчыц, Алеся Пашкевіча, Аляксея Белага, Алеся Корнева і іншых беларускіх паэтаў. У 2003 годзе выйшаў яе дыск “Ларысіна танга”. Песні з яго вы знойдзеце на нашым сайце. Рыхтуецца да выдання і яе наступны дыск. Калі паспрабаваць кваліфікаваць песні Галіны Ярашэвіч па вышэй згаданых кірунках, то большасць з яе песень – эстрадныя, частка – у народным стылі і з пару песень – бардаўскія.  

У Баранавічах існуе каля сямі маладзёжных самадзейных гуртоў, якія ствараюць песні ў стылі рока, рэпа, хіп-хопа і іншых стыляў. Даходзяць чуткі, што асобныя гурты спрабуюць класці на музыку беларускамоўныя тэксты. Пачакаем плёну іх творчасці і паспрабуем запісаць гэтыя песні для сайта.  

Песні для дзяцей у Баранавічах піша Алена Жуковіч, якая працуе настаўніцай музыкі ў музычнай школе пасёлка Новая Мыш, што ў Баранавіцкім раёне. Песні Алены Жуковіч выконвае яе дачка Карына, а таксама дзіцячы ансамбль з Новай Мышы “Імпрэза”. Карыне Жуковіч 12 год. Яна два разы на тыдзень займаецца спевамі ў Нацыянальным цэнтры музычнага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна ў Мінску.

 

Апошния матэрыялы